СЕ́ВЕРСКАЕ КНЯ́СТВА, Ноўгарад-Северскае княства,

адно з удзельных княстваў Чарнігаўскай (Чарнігава-Северскай) зямлі з цэнтрам у Ноўгарад-Северскім. Узнікла ў 1096 на тэр. севяран. Размяшчалася ў бас. р. Дзясны і яе прытокаў Снова, Сейма і інш.; у склад С.к. часова ўваходзілі вярхоўі Акі і Дзясны, т.зв. «краіна вяцічаў». Першым князем быў Алег Святаславіч, потым яго нашчадкі — Ольгавічы. У 2-й пал. 12 ст. северскія князі вялі барацьбу з полаўцамі і інш. плямёнамі качэўнікаў, адзін з эпізодаў якой (паход кн. Ігара Святаславіча 1185) адлюстраваны ў «Слове аб палку Ігаравым». У 1238 (пасля мангола-тат. нашэсця) тэр. С.к. ўвайшла ў склад Бранскага княства, у 2-й пал. 14 ст. далучана да ВКЛ. Паводле Андросаўскага перамір’я 1667 тэр. С.к. перайшла да Расіі.

т. 14, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)